Вы можаце даслаць нам 1,5% сваіх польскіх падаткаў
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

На досвітку 1 сакавіка 1954 года японскае рыбалоўнае судна «Дайго Фукуру Мару» — «Шчаслівы цмок», — закінуўшы сеткі на тунца, калыхалася на спакойных водах пасярод Ціхага акіяна. Раптам гарызонт успыхнуў так, нібы там — на захадзе — узышло сонца. Праз некалькі гадзін з неба пачалі падаць белыя шматкі, накрыўшы ўсю палубу сантыметровым пластом. Рыбакі зграбалі іх рукамі і спрабавалі на смак. Гэта быў попел, і ён аказаўся смяротным. Успышка на гарызонце была выпрабавальным выбухам амерыканскай тэрмаядзернай бомбы. І гэтае выпрабаванне пайшло не па плане. Тое, што здарылася, прымусіла свет нарэшце інакш паглядзець на ядзерную зброю — і засталося ў культуры, натхніўшы японцаў на стварэнне метафарычнага монстра Гадзілы.

Хто каго

У 1954 годзе ядзерная гонка была ў разгары. ЗША і СССР правялі ўжо некалькі дзясяткаў выпрабаванняў і выйшлі на новы ўзровень. Кожны бок спяшаўся стварыць тэрмаядзерную бомбу.

У 1952-м амерыканцы на адным з атолаў Маршалавых астравоў узарвалі першы ў свеце вадародны зарад. Прыстасаванне было велізарнай магутнасці, але занадта грувасткае і цяжкае (каля 75 тон), патрабавала вадкага паліва для тэрмаядзернага сінтэзу, таму было непрыдатнае для баявога прымянення. Для параўнання, снарады, скінутыя на Хірасіму і Нагасакі, важылі 4,4 тоны, але былі «невялікай» магутнасці, эквівалентнай выбуху 15 кілатон трацілу. Новая бомба мусіла быць на парадак магутнейшай, але ўсё яшчэ падыходзіць для скідання з самалёта. Таму праца працягвалася.

Маршалавы астравы ў той час не былі дзяржавай. Яны былі спачатку пад кіраваннем Японіі, а пасля Другой сусветнай вайны — ЗША. Архіпелаг, які складаецца з 28 атолаў і пяці астравоў, атрымаў незалежнасць толькі ў 1986 годзе, аднак падпісаў дамову пра асацыяцыю з ЗША: амерыканскія вайскоўцы знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Маршалавых Астравоў, пры гэтым абарона апошняй — абавязак ЗША.

Атолл Бикини на карте (обозначен красной меткой). Скриншот Google Maps
Атол Бікіні на карце (пазначаны чырвоным). Скрыншот Google Maps

У лютым 1954 года на атол Бікіні даставілі прыладу вагой каля 10,7 тоны пад кодавай назвай «Шрымп» — «Крэветка». Гэта першая амерыканская вадародная бомба на цвёрдым паліве — значна кампактнейшая, чым раней, яна была ўжо нашмат больш падобная да баявой.

Задачай выпрабаванняў «Касл Брава» было адпрацаваць схему зараду прылады, прыдатнай для размяшчэння на самалёце. Фізікі з Лос-Аламоскай лабараторыі, ключавой у ядзерным праекце, чакалі выбуху магутнасцю каля шасці мегатон.

Але яны пралічыліся.

"Креветка" на грузовике перед установкой. Фото: United States Atomic Energy Agency
«Крэветка» на грузавіку перад устаноўкай. Фота: United States Atomic Energy Agency

«Няправільны» літый

Бомба была размешчаная на маленькім штучным востраве ў лагуне атола (яна была памерамі каля 40 на 20 км). За 32 мілі ад бомбы на астраўку Эніу знаходзіўся кантрольны бункер з дзевяццю людзьмі і прыборамі для замераў. З караблёў і самалётаў на рознай адлегласці за выпрабаваннямі сачыла каля 10 000 навукоўцаў, інжынераў, вайскоўцаў.

Основной кадр: взрывное устройство «креветка», установленное для испытания. Справа вверху — сооружение, в котором было установлено устройство. Справа внизу: бункер на Бикини, в котором находились наблюдатели и помещалась измерительная аппаратура. Фото: co
Асноўны кадр: выбуховае прыстасаванне «Крэветка», усталяванае для выпрабавання. Справа ўверсе — збудаванне, у якім усталявалі прыладу. Справа ўнізе: бункер на Бікіні, у якім знаходзіліся назіральнікі і змяшчалася вымяральная апаратура. Фота: commons.wikimedia.com

«Крэветка» была задуманая як двухступенная прылада: спачатку выбухае ядзернае паліва, а потым у кантэйнеры, сціснутым энергіяй гэтага выбуху, пачынаецца тэрмаядзерная рэакцыя. Навінкай было тое, што ініцыявальны ядзерны зарад упершыню складаўся з цвёрдага паліва — дэйтэрыду літыю. У ім змешваліся два ізатопы — літый-6 і літый-7. Зарад быў заключаны ва ўранавую абалонку. Фізікі разлічылі, што толькі літый-6 будзе ўдзельнічаць у сінтэзе, выпрацоўваючы трытый і узмацняючы выбух. А літый-7, які складаў 60% сумесі, лічыўся інертным і проста не мусіў уступаць у рэакцыю. Гэта і было памылкай.

Выбух «Крэветкі» адбыўся 1 сакавіка 1954 года ў 6.45 раніцы. «Інертны» літый пад бамбардаваннем электронамі зрэагаваў і пачаў выпрацоўваць трытый, які вельмі павялічваў магутнасць. Рэакцыя распаўсюджвалася далёка за межы разлікаў. Ад перавышанай энергіі сінтэзу пачалося дзяленне і ўранавай абалонкі літыевага зараду.

У выніку магутнасць выбуху аказалася ў 2,5 разу большай за чаканую — 15 мегатон замест шасці. З іх 10 мегатон дала ўранавая абалонка.

Выбух быў у тысячы разоў мацнейшы за той, што знішчыў Хірасіму. За хвіліну грыбападобнае воблака паднялося на 15 км, а за шэсць хвілін — у стратасферу, да вышыні 40 км. Яшчэ праз дзве хвіліны воблака разраслося да максімуму і ўшыркі. Яго дыяметр склаў 100 км, таўшчыня «ножкі грыба» — 7 км, а ніжняя мяжа «капялюшыка» пачыналася на вышыні 16,5 км. А ў лагуне атола на месцы бомбы застаўся кратар глыбінёй 76 м і дыяметрам амаль 2 км, які неўзабаве запоўніўся вадой.

Облако в первые секунды после взрыва «Касл Браво». Фото: United States Department of Energy
Воблака ў першыя секунды пасля выбуху «Касл Брава». Фота: United States Department of Energy

Лічыцца, што такі эфект аказаўся поўнай нечаканасцю для навукоўцаў і вайскоўцаў, аднак гэта не так. Фізікі ў Лос-Аламосе дапускалі, што выбух можа ў найгоршым выпадку дасягнуць 15 мегатон. Радыёграму пра гэта даслалі камандаванню выпрабаванняў 18 лютага. Але ў тым самым паведамленні фізікі адзначылі, што самы імаверны выкід энергіі складзе 6 мегатон. Паводле інструкцый рабочай групы, меры абароны персаналу мусілі грунтавацца на максімальна магчымай магутнасці выбуху (і кіраўнік групы, доктар Уільям Огл, разумеючы непрадказальнасць ядзерных прыладаў, настаяў, каб разлікі часу эвакуацыі і іншых мер для персаналу бралі за аснову магутнасць, нават большую за 15 Мт). Аднак для іншых «аб'ектаў» меры абароны, уключаючы дыяметр забароненай зоны падчас выбуху, грунтаваліся на самай імавернай магутнасці.

Радыёактыўнае заражэнне накрыла больш за 18 тысяч квадратных кіламетраў акіяна. Для параўнання, плошча Гродзенскай вобласці складае 25 тысяч кв. км.

Жыхароў самога атола Бікіні на той момант ужо некалькі гадоў як перасялілі на атол Ронгерык за пару сотняў кіламетраў. Аднак тэрыторыя вакол Бікіні ўсё роўна не была пустая.

Белы снег

«Шчаслівы цмок» выйшаў з японскага порта Яідзу ў студзені 1954 года на лоўлю тунца ў раён атола Мідуэй далёка на ўсход ад Японіі. Але ўсё ў гэтым рэйсе ішло не так: капітан захварэў яшчэ да адплыцця і быў заменены, рухавік барахліў, палова снасцяў заблыталася ў каралавых рыфах. Праз месяц судна страціла большую частку тралаў, амаль нічога не злавіўшы. Апошняй надзеяй на ўлоў былі Маршалавы астравы, і экіпаж павярнуў на поўдзень.

«Счастливый дракон № 5». Фото: atomicphotographers.com
«Шчаслівы цмок». Фота: atomicphotographers.com

Раніцай 1 сакавіка рыбакі былі за 150−160 км на ўсход ад атола Бікіні. Заходні гарызонт раптам успыхнуў яркім святлом.

«У ілюмінатары мільганула жоўтая ўспышка. Не разумеючы, што адбылося, я ўскочыў з ложка ля дзвярэй, выбег на палубу і быў уражаны. Масток, неба і мора паўсталі перада мной ва ўсёй прыгажосці, расквечаныя агністымі фарбамі захаду. Я разгледзеўся ў здранцвенні; я быў абсалютна разгублены», — апісваў убачанае рыбак Матасіці Аісі. Праз дзевяць хвілін да іх дакаціўся нізкі рыклівы грукат, паветра скаланула.

Судна было за межамі абвешчанай небяспечнай зоны. Але выбух аказаўся магутнейшым за разліковы, вецер змяніўся, і, як пацвердзіцца потым, радыеактыўнае воблака расцягнулася на ўсход на сотні міляў.

Праз некалькі гадзін на «Шчаслівы цмок» з неба пасыпаліся белыя шматкі. Рыбакі не ведалі, што гэта такое. Аісі ўспамінаў: «Белыя часцінкі сыпаліся на нас, як снег. Яны пранікалі ўсюды — у вочы, нос, вушы, рот». Рыбак лізнуў іх — часцінкі былі «зярністыя, але без смаку». За тры гадзіны шматкі засыпалі ўсю палубу, і каб іх прыбраць, экіпаж зграбаў іх рукамі ў мяшкі.

Гэта быў радыеактыўны попел — кальцыніяваныя часцінкі атола Бікіні. Менавіта пасля гэтага для апісання радыеактыўных ападкаў у англійскай мове пачалі выкарыстоўваць слова fallout (ад fall out — «выпадаць»), знаёмае шматлікім з аднайменнай відэагульні.

Рыбакі падазравалі, што ўбачылі ядзерны выбух, і вырашылі прыбрацца далей у той жа дзень, але не ўсведамлялі ступені небяспекі і яшчэ шэсць гадзін цярпліва падымалі снасці. Потым «Шчаслівы цмок» пайшоў дадому — з хуткасцю 9 кіламетраў за гадзіну. Да Яідзу было два тыдні дарогі. Ужо праз дзень рыбакі адчулі сябе горш: іх ванітавала, пачалі з’яўляцца апёкі, выпадаць валасы.

14 сакавіка судна зайшло ў порт. Усе 23 члены экіпажа былі хворыя: счарнелая скура, крывавыя дзясны, вочы, якія адкрываліся з цяжкасцю. Японскія медыкі зразумелі, што гэта прамянёвая хвароба.

Портрет члена экипажа судна. Фото: atomicphotographers.com
Партрэт члена экіпажа судна. Фота: atomicphotographers.com

Дзяржтаямніца важнейшая за жыццё

Дактары запыталі ў амерыканскай Камісіі па атамнай энергіі звесткі пра склад попелу — каб зразумець, як лячыць. Аднак Вашынгтон адмовіўся іх даць: суадносіны рэчываў маглі выдаць канструкцыю бомбы.

Пакуль японскія дактары дзейнічалі ўсляпую, кіраўнік амерыканскай Камісіі па атамнай энергіі Льюіс Строс абвясціў, што апёкі на целе рыбакоў выкліканыя не радыяцыяй, а хімічным уздзеяннем вапны. І нават сказаў, што «Шчаслівы цмок», магчыма, быў шпіёнскім суднам, які наўмысна зайшоў у забароненую зону (хоць на самай справе яно нават не перасякала яе межаў).

Самым цяжкім быў стан 40-гадовага радыста Айкіці Кубаямы. У жніўні ён рэзка пагоршыўся, і 23 верасня 1954 года Кубаяма памёр ад ускладненняў прамянёвай хваробы. Амбасадар ЗША выказаў спачуванні і ўручыў удаве Кубаямы чэк на 1 мільён ен — тады каля 2800 даляраў.

Семья на похоронах Айкити Кубоямы. У него остались три дочери. Фото: atomicphotographers.com
Сям’я на пахаванні Айкіці Кубаямы. У яго засталіся тры дачкі. Фота: atomicphotographers.com

Урад Японіі тады таксама атрымаў ад ЗША кампенсацыю — 15,3 мільёна даляраў — у абмен на адмову ад далейшых прэтэнзій. Членам экіпажа «Шчаслівага цмока» з іх заплацілі прыкладна па 5,5 тысячы даляраў. У наступныя дзесяцігоддзі многія з іх памерлі ад раку, цырозу печані і наступстваў гепатыту С, якім іх заразілі падчас пералівання крыві ў бальніцы ў 1954 годзе. Іншы пакутавалі ад менш сур’ёзных хвароб і рэпрадуктыўных праблем.

У цэлым жа маштаб катастрофы быў нашмат шырэйшы. Радыеактыўныя ападкі накрылі заселеныя атолы Аілінгінаэ, Ронгерык, Ронгелап і Утырык (130−240 км ад месца выбуху). 236 жыхароў эвакуявалі толькі праз трое сутак, калі яны ўжо падвергліся апрамяненню. Дарэчы, пад радыяцыю трапіла і частка амерыканскага персаналу.

Для астраўлян наступствы былі жудаснымі і расцягнуліся на дзесяцігоддзі. Больш чым траціна з іх цягам жыцця сутыкнулася з пухлінамі шчытападобнай залозы і/або рознымі формамі раку. Было мноства выкідкаў, мертванароджаных дзяцей, прыроджаных дэфектаў. Напрыклад, некаторыя немаўляты з’яўляліся на свет без костак і з празрыстай скурай — іх называлі «дзеці-медузы». Нягледзячы на гэта, Ронгелап абвясцілі бяспечным у 1957 годзе і вярнулі жыхароў. Але радыяцыя нікуды не падзелася, і ўрэшце ў 1985 годзе рангелапцы, ужо з дапамогай Greenpeace, эвакуяваліся зноў. Амерыканскія ўлады адмовілі ў дапамозе.

Акрамя таго, паводле звестак японскіх уладаў, сляды заражэння знайшлі на 856 рыбалоўных суднах. Увесну і ўлетку 1954 года ў Японіі знішчылі больш за 75 тон тунца.

З трагедыі — у кінаметафару

Увесну 1954 года прадзюсар кінастудыі Toho Тамаюкі Танака ляцеў дадому з Джакарты пасля праваленых перамоваў пра японска-інданезійскі фільм. Трэба было тэрмінова прыдумаць замену пад ужо вылучаны бюджэт. За ілюмінатарам распасціраўся Ціхі акіян, і думкі вярталіся да гісторыі «Шчаслівага цмока», якая не давала спакою ўсёй Японіі.

Кадр из фильма "Годзилла" 1954 года. Изображение: commons.wikimedia.com
Кадр з фільма «Гадзіла» 1954 года. Выява: commons.wikimedia.com

Проста на борце Танака накідаў канцэпцыю: што, калі выбух вадароднай бомбы абудзіў дагістарычную марскую пачвару — і яна ідзе на Токіа? За год да таго выйшаў амерыканскі фільм «Пачвара з глыбіні 20 000 сажняў» з падобнай фабулай (монстра абуджаюць ядзерныя выпрабаванні), а ў 1952-м у Японіі перавыпускалі ў пракат амерыканскага «Кінг-Конга». І вось гісторыя выпрабаванняў «Касл Брава», якая ажывіла страх перад атамам і японскую нацыянальную траўму.

У красавіку 1954-га студыя ўхваліла праект, і праца пачалася. Монстра назвалі «Гадзіла» (Gojira) — у гэтым імені злучыліся японскія словы gorira (гарыла) і kujira (кіт). Рэжысёр Ісіра Хонда, які асабіста бачыў разбураную Хірасіму, зняў фільм за некалькі месяцаў. Ужо ў лістападзе ён выйшаў на экраны кінатэатраў. «Гадзіла» пачынаўся сцэнай з рыбакамі на палубе пасярод акіяна і ўспышкай на гарызонце. Японскія гледачы зразумелі гэтую сцэну без тлумачэнняў.

У Японіі фільм меў велізарны поспех і біў рэкорды па продажах білетаў, але за межамі краіны практычна не дэманстраваўся. У 1955 годзе амерыканцы купілі правы на паказ стужкі і праз год выпусцілі ў пракат «адаптаваную» амерыканскую версію «Гадзіла, кароль монстраў!». Арыгінал быў не проста перакладзены, а зрэзаны на траціну і цалкам перароблены, дапоўнены новымі сцэнамі з амерыканскім персанажам-рэпарцёрам, а галоўнае, усе сцэны, якія звязвалі Гадзілу з ядзернай зброяй і праводзілі паралелі з Хірасімай і Нагасакі, былі выразаныя. Менавіта гэтую версію ўбачыў увесь свет. Арыгінал быў упершыню афіцыйна паказаны ў ЗША толькі ў 2004 годзе (прайшоў абмежаваны пракат), а ў 2005-м у Вялікабрытаніі яго выпусцілі на DVD.

Кадр из фильма "Годзилла" 1954 года. Изображение: commons.wikimedia.com
Кадр з фільма «Гадзіла» 1954 года. Выява: commons.wikimedia.com

У 1955 годзе ў Японіі выйшаў сіквел арыгінальнага фільма пад назвай «Гадзіла нападае зноў». З таго часу «Гадзіла» спарадзіў мноства працягаў, адгалінаванняў і рэмейкаў у розных краінах і жанрах. Кніга рэкордаў Гінеса прызнала яго самай працяглай кінафраншызай у гісторыі. А сам гіганцкі яшчар з акіянскіх глыбіняў стаў адным з самых пазнавальных сімвалаў у сусветнай папулярнай культуры.

Выбуховы след

Выпрабаванні «Касл Брава» пацвердзілі эфектыўнасць выкарыстання дейтэрыду літыю ў якасці тэрмаядзернага паліва, і прыстасаванне «Крэветка» пазней паклалі ў аснову стварэння амерыканскай тэрмаядзернай авіябомбы. Аднак вынікам выпрабаванняў была і самая цяжкая радыяцыйная катастрофа ў гісторыі амерыканскага атама.

Навіны пра наступствы, нягледзячы на спробы іх замаўчаць, разляцеліся па ўсім свеце. Гэта стала вырашальным імпульсам для антыядзернага руху. Упершыню чалавецтва пераканалася, што радыяцыя накрывае мірных людзей за сотні кіламетраў ад эпіцэнтра выбуху, за межамі любых «небяспечных зон».

Ужо ў красавіку 1954 года прэм’ер-міністр Індыі Джавахарлал Нэру заклікаў да міжнароднага мараторыю на выпрабаванні. У траўні таго ж года СССР упершыню прапанаваў перамовы пра забарону тэставання. У 1955-м быў апублікаваны Маніфест Расэла — Эйнштэйна, дзе многія навукоўцы звярталі ўвагу на пагрозу, якую нясе ядзерная зброя, і асабліва падкрэслівалі небяспеку тэрмаядзерных бомбаў, наўпрост спасылаючыся на інцыдэнт на Бікіні. Гонка яшчэ не спынілася, але ціск нарастаў.

Бункер на атолле Бикини. Фото: Google Maps
Бункер на атоле Бікіні. Фота: Google Maps

5 жніўня 1963 года ЗША, СССР і Вялікабрытанія нарэшце падпісалі Дамову пра частковую забарону ядзерных выпрабаванняў: у атмасферы, пад вадой і ў космасе. «Касл Брава» быў адным з галоўных аргументаў за сталом доўгіх перамоваў.

Атол Бікіні непрыдатны для жыцця дагэтуль. Судна «Шчаслівы цмок», ужо не ўяўляе небяспекі, стаіць у музеі ў Токіа, і ў яго сувенірнай краме можна купіць фігуркі Гадзілы. На камені ля ўваходу ў музей выбітыя апошнія словы Кубаямы, вымаўленыя ім перад смерцю на бальнічным ложку: «Малю, каб я стаў апошняй ахвярай атамнай ці вадароднай бомбы».

Чытайце таксама