Праўладная і прарасійская актывістка Вольга Бондарава ў сакавіку 2025 года адбыла 13 сутак, бо выпадкова апублікавала інфармацыю з «экстрэмісцкага» сайта ў сваім тэлеграм-канале, пакуль змагалася са спеваком Дзім Дзімычам і яго прадзюсарам Flagman Music. Пра гэта расказалі яе паплечнікі ў звароце супраць «акультызму», піша Hrodna.life.
«Вольгу Бондараву, якая абараняла нашых дзяцей ад згубнага ўплыву Дзім Дзімыча, пасадзілі на два тыдні ў турму за неасцярожна размешчаную інфармацыю з экстрэмісцкага сайта ў сваім ТГ-канале, прызналі экстрэмістам, адлічылі з апошняга курса ўніверсітэта, паставілі кляймо, згодна з якім яна не зможа займаць дзяржаўныя пасады (магчыма, што і яе дзеці)», — пішуць яе паплечнікі ў звароце супраць «акультызму», выкладзеным у закрытай групе ў Viber.
Яны таксама папрасілі прызнаць ужытае да Вольгі Бондаравай пакаранне неадпаведным «правіне» і аднавіць яе ва ўніверсітэце. А таксама правесці праверку таго, ці не з’яўляецца такое строгае пакаранне за нязначную правіну запалохваннем чалавека.
Кампанія Flagman Music займаецца прадзюсаваннем артыстаў і блогераў, у тым ліку Дзмітрыя Сіўчыка (Дзім Дзімыча). Бондарава абвінаваціла яго ў ЛГБТ-прапагандзе, негатыўным стаўленні да сілавых структур і падбухторванні да сацыяльна-небяспечных паводзін. Пасля гэтага кампанія заявіла пазоў да актывісткі. Бакі пагадзіліся вырашыць справу праз медыятара.
Сама праўладная і прарасійская актывістка Вольга Бондарава трапіла пад рэпрэсіі вясной 2025 года. Як расказаў яе муж, жанчыну адправілі на «суткі» па «экстрэмісцкім» артыкуле. У выніку прапагандыстку адлічылі з БДПУ.
Акрамя таго, аўтары звароту патрабуюць спыніць у Беларусі, як яны гэта называюць, «прапаганду акультызму, паганства, гвалту і жорсткасці».
У якасці прыкладаў «небяспечнай» культуры яны прыводзяць кнігі «Пачастунак для цмока» і «(Не)чистый Минск», фільм «Король и шут. Навсегда», балет «Купалье», фестываль «Шлях цмока» і беларускія міфы ў школьных падручніках. На іх думку, усё гэта нармалізуе «д'ябальшчыну», жорсткасць і паганства.
Паплечнікі Бондаравай прапануюць забараніць канцэрты, фільмы, спектаклі і кнігі з «акультызмам, гвалтам і жорсткасцю», «прапаганду паганства», увесці адміністрацыйную адказнасць за «прапаганду акультызму» і прыбраць са спісу самазанятых чараўнікоў, варажбітак і іншых прадстаўнікоў акультных практык.





